starazhouka (starazhouka) wrote,
starazhouka
starazhouka

70-годдзе Сталіна на мінскім фарфоравым заводзе

Апошні ў гэтай серыі допіс пра Мінскі фарфоравы завод прысвечаны знакамітаму артэфакту з Нацыянальнага мастацкага музея і яго аўтару Мікалаю Міхалапу – дызайнеру, керамісту, фатографу, першаму дырэктару Нацыянальнага мастацкага музея (1939-1941).


Пасля вайны Міхалап, абвінавачаны ў халатнасці і страце музейных каштоўнасцяў,  быў пазбаўлены пасады дырэктара музея, пачаў займацца распрацоўкай прадукцыі фарфоравага завода, не будучы штатным супрацоўнікам. Ён – аўтар вазы “70 гадоў Сталіну” (“Беларусь савецкая”), якая выстаўляецца ў мастацкім музеі, была экспанатам выставы “Дзесяць вякоў мастацтва Беларусі”. Ваза створана на мінскай “фарфарцы” ў 1955 годзе да дэкады літаратуры і мастацтва БССР у Маскве.

На вазе – партрэты Сталіна і Леніна, вытрымка з ліста беларускага народа Сталіну, медальёны з выявамі гонару БССР: эмблема аўтазавода і 25-тонны грузавік, эмблема трактарнага завода і выява трактара.
Аздоблена ваза вянкамі з канюшыны і каласкоў і традыцыйным арнаментам.
Мадэльшчыкам і мастаком-жывапісцам былі работнікі завода Ігар Конюх ды Іван Прохараў.

***
Мікалай Пракопавіч Міхалап (1886–1979) – мянчук, выпускнік вучылішча барона Штыгліца, першым кіраўніком аддзялення керамікі ў Віцебскім мастацкім вучылішчы. Традыцыйную беларускую кераміку Міхалап збіраў усё жыццё, і пасля яго смерці калекцыю перадалі ў Музей старажытнабеларускага мастацтва.
Пры Міхалапу ў 1930-я пачала фарміравацца калекцыя мастацкага музея: з Ленінграда, Масквы, музеяў Мінска, Віцебска, Магілёва, Гомеля, сядзіб і палацаў Заходняй Беларусі (у тым ліку радзівілаўскімі зборамі). На пачатак вайны фонды налічвалі 2711 твораў, з якіх 400 у экспазіцыі. Аднак у пачатку вайны вывезці калекцыю не змаглі, і за яе ўзяліся нацысты: нешта разрабавалі салдаты вермахту, большасць звёз у рэйх дырэктар Дрэздэнскай галерэі Посэ. Пасля вайны ў Мінск вярнулася малая частка: калекцыя нясвіжскіх партрэтаў, адшуканая савецкім войскам, ды экспанаты, якія ў пачатку вайны былі на экспанаванні ў Расіі. Улады абвінавацілі дырэктара музея ў гэтых стратах.
У паваенныя дзесяцігоддзі Міхалап працаваў дызайнерам, дапамагаў фарфораваму заводу. Вось адзін з яго вырабаў - "Мыш на кавалку сыра".





Мяне ўразіла імкненне Міхалапа шукаць разам з заводам стыль беларускай керамікі, ствараць унікальныя рэчы і посуд (а тады распаўсюджанай практыкай было запазычванне формы вырабу ў іншых савецкіх прадпрыемстваў, і толькі расфарбоўку прыдумвалі самі). Таксама Міхалап як мог, выкарыстоўваў беларускія ўзоры і сімвалы у сваіх праектах. Навучаючыся ў Пецярбурзе, сваім дыпломным праектам ён зрабіў скульптуру зубра, ці не першы сярод беларускіх мастакоў звярнуўся да гэтага сімвала радзімы – а быў толькі 1913 год.


Яшчэ адзін сімвал - бульба. Ваза "Бульба" 1950-х гадоў (у працэсе выраблення).

Яшчэ адзін фрагмент спадчыны мастака – мачты ліхтароў у цэнтры Мінска, Гомеля, Віцебска з арнаментамі слуцкіх паясоў. Гэты арнамент у вырабах завода ён выкарыстоўваў часта. Вось пісьмовы прыбор з матывамі паясоў, 1950-я гады.

Кубак і коўшык, 1960-я.


Хлебніца, салонка, падстаўка з матывамі слуцкіх паясоў, 1950-я гг.

А вось ваза "Мацярынства", тры грудзі на адным корпусе. Авангард і эротыка 1960-х гадоў.

Выкарыстаныя матэрыялы артыкула ўнучкі майстра А.Скеп’ян пра М.П.Міхалапа з сайту Нац.маст.музея, матэрыялы кнігі Ірыны Елатомцавай “Михолап как Михолап” (Мінск, 2008,  асобнік маецца ў Нацыянальнай бібліятэцы).
Subscribe
  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your reply will be screened

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 0 comments